Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Старонка для цікаўных і дапытлівых

Ад імя – да прозвішча

Не меншую цікавасць, чым імёны, выклікаюць у людзей і прозвішчы.

Вучоныя мяркуюць, што прозвішча як сямейнае, а не родавае найменне, узнікла на поўначы Італіі прыблізна ў 10 стагоддзі. Пазней прозвішчы пачалі распаўсюджвацца у Францыі, а потым у Германіі.

У старажытных славянскіх плямёнаў было толькі асабовае імя. Пасля хрышчэння Кіеўскай Русі мірскія імёны часта ўжываліся побач з кананічнымі, аднак пасля перайшлі ў разрад мянушак. Напрыклад, у адной сям’і старэйшага сына звалі Кузьма Васільеў і пляменніка таксама Кузьма Васільеў. Адрознівалі людзей па мянушкам, “вулічным” імёнам. Увогуле, у сялян доўгі час прозвішчаў не было. Іх мелі толькі дваране: Шуйскі, Трубяцкі, Радзівіл.
Утварэнне прозвішчаў у шляхты адбылося яшчэ ў Вялікім княстве Літоўскім пасля падпісання Гарадзельскай уніі. Тады былі абазначаны дзясяткі старажытных шляхетных родаў. У Расіі ўтварэнне прозвішчаў у дваранства завяршыў Пётр І, прычым большасць прозвішчаў было ўтворана ад імёнаў па бацьку (а яны – ад кананічных ці мірскіх імёнаў), а таксама – ад назваў зямель, якімі валодалі дваране.
Толькі пасля адмены прыгоннага права ў царскіх улад паўстала пытанне даць прозвішча кожнаму селяніну. Гэта праблема была перакладзена на плечы паўграматных пісараў. Яны проста запісвалі, калі было, вулічнае прозвішча (часта змяніўшы з прычыны ўласнай неадукаванасці) або ўпісвалі ў дакументы імя па бацьку або па дзеду, а то і зусім давалі цэлай вёсцы прозвішча былога гаспадара. Таму далёка не кожны Трубяцкі ці Шэрэмецеў з’яўляецца нашчадкам славутых дваранскіх родаў. Хутчэй за ўсё, гэта нашчадкі былых прыгонных сялян. Таксама немагчыма, каб чалавек з прозвішчам Князеў меў дваранскае паходжанне. На нашу думку, такое прозвішча атрымаў селянін, які працаваў на князя. І Сенатараў – наўрад ці нашчадак славутага сенатара, хутчэй за ўсё, яго продак апрацоўваў зямлю.
Прозвішча ў прыгоннага магло ўзнікнуць ці змяніцца па волі пана. Актрыса П.А.Стрэпетава расказвала, што сваім прозвішчам яна абавязана капрызу памешчыка, у якога яе дзед быў прыгонным. Той проста загадаў: “Будь ты отныне не Григорьев, а Стрепетов”.
Варвара Пятроўна Тургенева, маці рускага пісьменніка, бавіла свой час тым, што давала сваім слугам прозвішчы тагачасных міністраў і прыдворных. Так,   яе     дварэцкі
насіў прозвішча Бенкендорф.
Здзіўляцца тут няма чаму: цары паступалі гэтак жа. Напрыклад, імператрыца Кацярына ІІ нейкаму Арсенію Мацыевічу загадала называцца Андрэем Брадзягам. А Мікалай І, пачуўшы, што прозвішча сматрыцеля Малага тэатра ў Маскве – Каракалпаеў, заявіў: “Не может быть такой фамилии!” І загадаў змяніць прозвішча на Вастокаў.
Пасля рэвалюцыі 1917 года многія сталі мяняць прозвішчы. Адной з прычын было тое, што дваранам цяжка было ўладкавацца на працу. Людзі мянялі прозвішчы на больш простыя, каб захаваць жыццё і сябе, і сваім блізкім. У 20-я гады стала модным мяняць прозвішчы з прычыны іх немілагучнасці. Прапойцаў станавіўся Новікавым, Тупіца – Разумнікам. За гады сталінскіх рэпрэсій і ваенны час многія людзі таксама мянялі прозвішчы па розных прычынах. Адны такім чынам ратаваліся ад рэпрэсій, другія – ад справядлівай кары за тое, што працавалі на ворага.
У наш час стала модна цікавіцца сваімі каранямі, людзі жадаюць высветліць значэнне свайго прозвішча. Да іхніх паслуг многія выданні; існуюць нават агенцтвы, якія прапануюць генеалагічныя даследаванні за пэўную, вельмі часта грунтоўную, плату. У Інтэрнеце таксама шмат інфармацыі па гэтым пытанні. Аднак трэба мець на ўвазе, што тут не ўсё так проста.
Звычайны чалавек, які толькі пачаў цікавіцца паходжаннем свайго прозвішча, скажа – усё проста! Калі прозвішча Пятроў, то гэта ад імені Пётр, калі Сініцын – продак быў падобны на сініцу. Але гэта не так.
Як мы ўжо казалі, большасць прозвішчаў пайшло ад імёнаў па бацьку, а тыя – ад кананічных ці мірскіх імёнаў. У выпадку з прозвішчам Сініцын можна пабудаваць наступны словаўтваральны ланцужок: Сініцын← Сініца← сініца.
Што ж датычыцца прозвішча Пятроў, яно і сапраўды пайшло ад імені Пётр. Аднак трэба ведаць, што Пётр – кананічнае, хрысцільнае імя, якое было прынесена праваслаўнай царквой пасля хрышчэння Кіеўскай Русі. Імя пайшло з грэчаскай мовы і абазначае “камень”, “скала”. Таксама трэба ведаць, што спачатку ўтварылася імя па бацьку – Пятроў, а ўжо з яго пайшло прозвішча, калі сялян пасля адмены прыгоннага права сталі перапісваць. Такім чынам, можна пабудаваць словаўтваральны ланцужок: Пётр – Пятроў (імя па бацьку) – Пятроў (прозвішча).
Асноўныя групы прозвішчаў
1. Патранімічныя. Яны выражаюць сувязь з продкамі, утвораны ад імёнаў па бацьку: Вахрамееў, Маісеева, Улькін, Карасёў.
2. Прыналежныя. Такія прозвішчы ўказваюць на тое, чый гэта працаўнік: Сенатараў, Князеў.
3. Уладальніцкія. Гэта дваранскія прозвішчы, якія ўказваюць на мясцовасць, якая належыць сям’і: Альшэўскі, Заграбскі.
4. Адтэрытарыяльныя. Знешне яны падобны на ўладальніцкія, але семантычна супрацьлеглыя ім, яны абазначаюць не ўладальніка мясцовасці, а чалавека, які прыехаў адтуль. Напрыклад, Кастрамінскі, Маскоўскі. Аднак адтэрытарыяльныя прозвішчы вельмі рэдкія ў беларусаў.
5. Прафесійныя, якія ўказваюць на занятак. Прычым самі носьбіты такога прозвішча могуць і не валодаць тым ці іншым заняткам. Дадзеныя прозвішчы паказваюць на від дзейнасці не канкрэтнага чалавека, а на яго продка: Ключнікава, Аўсянікаў, Канавалаў, Пісарэнка.
6. Цяжка даць назву вельмі змешанай групе прозвішчаў па асобасным характарыстыкам носьбіта, яго знешнім або ўнутраным якасцям, разнастайным бытавым прыметам: Благі, Храмы, Сухаед. Усе гэтыя прозвішчы змяшчаюць некаторую ацэнку, у большасці выпадкаў яны патранімічны.
7. Этнічныя. Гэта прозвішчы, якія ўказваюць на паходжанне. Напрыклад, Немец, Літвін, Новік.
Па-за гэтымі групамі застаецца мноства прозвішчаў.
         Можна размеркаваць прозвішчы па фармантах. Фармант – гэта заканчэнне прозвішча. Раней гэта мог быць канчатак або суфікс, які з цягам часу стаў ужывацца разам з прозвішчам. Часам у адным прозвішчы бывае вельмі складаны фармант, які ўтварыўся з двух канчаткаў або суфіксаў.
Пры аналізе прозвішчаў трэба ведаць, што кожны фармант мае сваё значэнне. Значэнні асноўных фармантаў:
Фарманты –оў, -еў, -ёў маюць агульнае значэнне: “чый сын”.
-оў, -ёў. Такія фарманты ўказваюць на тое, што прозвішча ўтворана ад імя па бацьку, прычым першапачатковае імя заканчвалася на цвёрды зычны: Пётр – Пятроў, Карп – Карпаў.
-еў. Такі фармант выкарыстоўваўся пры ўтварэнні імя па бацьку ад імені на мяккі зычны: Васіль – Васільеў, Агей – Агееў.
-ін, -ын. Фарманты ўжываліся пры ўтварэнні імёнаў па бацьку ад найменняў, якія заканчваліся на галосны: Рэпня – Рэпнін, Аленя – Аленін, Крышчыха – Крышчыхін.
-скі. Фармант вельмі пашыраны ў славян. Прычым у гарадах прозвішча на -скі сустракаецца больш часта, чым у сельскай мясцовасці. Дадзены фармант абазначае месца пасялення, месца жыхарства або мясцовасць, якая знаходзіцца ў чыёйсьці ўласнасці: Рагоўскі, Чарняўская, Дзіваноўская. На Беларусі частотнасць гэтага фарманта вагаецца ад 10% на поўдні і ўсходзе краіны да 35% на паўночным захадзе.
-ов(ев), іч. Адзін з самых распаўсюджаных фармантаў на тэрыторыі Беларусі. Мае складаную будову: ад фарманта –ов, які абазначае імя па бацьку, далучыўся яшчэ адзін патранімічны фармант –іч, які таксама абазначае імя па бацьку. Такі фармант на Беларусі выкарыстоўвалі заможныя сяляне ці збяднелая шляхта: Канановіч, Валатовіч, Міцкевіч, Ляшкевіч.
-енка, -энка. Дадзены фармант пашыраны на Усходняй Беларусі: Акуленка, Цярэшчанка, Афанасенка, Шаўчэнка. Гэта другі па распаўсюджанасці фармант (пасля –оў, -еў, ёў).
-ук, -юк. Гэты фармант распаўсюджаны на Палессі, у Заходняй Беларусі: Карпук, Марчук, Давыдзюк, Тарасюк. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці гэта самы распаўсюджаны фармант, пры яго дапамозе ўтворана больш за 50% прозвішчаў, у той час як на астатняй тэрыторыі Беларусі – не болей 10%.
-чук. Такі фармант абазначае дзіця, сына, і распаўсюджаны ў Заходняй Беларусі: Кавальчук, Пінчук, Базыльчук.
-ёнак, -онак, -анок. Гэта ўласнабеларускія фарманты, якія абазначаюць дзяцей: Ганчаронак, Лучанок, Кавалёнак.
-ак, -як. Дадзеныя фарманты на Беларусі абазначалі сялян: Бадак, Маслак, Басяк, Сярак. Увогуле ж такія фарманты характэрны для ўкраінскіх прозвішчаў Львоўскай вобласці, а таксама чэшскім прозвішчам.
-аль. Фармант украінскага паходжання: Пыталь, Мігаль.
-а, -о, -ка, -ко. Распаўсюджаныя беларускія і ўкраінскія фарманты: Сцяцко, Сярко, Дзюба.
На жаль, ёсць людзі, якія абыякава адносяцца да сваіх прозвішчаў, свядома ці несвядома перакручваючы іх, спрабуючы вымаўляць і пісаць іх на ўзор блізкіх па гучанні і напісанні прозвішчаў у іншых мовах. Падганяюць пад польскія або рускія, надаючы ім адпаведнае польскае або рускае гучанне. Так, у 2-складовых беларускіх прозвішчах з націскам на апошнім складзе пераносяць націск на перадапошні: Каваль –Ко'валь, Гарбач – Го'рбач, Капач – Ко'пач, Барыс - Бо'рыс, Брахун - Бра'хун.
На Беларусі ёсць цэлыя вёскі з прозвішчамі Варабей, Баран, Бусел, Казёл, Гром і інш. А ў горадзе малады чалавек з такой вёскі мае ўжо змененае прозвішча: Вараб’ёў, Баранаў або Ба'ран, Буслаў, Казлоў або Ко'зел, Громаў і г.д.
Прозвішча, як і звычайнае, сугучнае яму слова, павінна гучаць натуральна: Дыба, а не Дыбо', Кукса, а не Куксо', Таўкач, а не То'лкач, Казёл, а не Ко'зел. Не выклікаюць жа ў нас аніякіх асацыяцый прозвішчы тыпу Казлоў, Бугаёў, Талкачоў і інш., хоць генетычна Казлоў – нашчадак Казла, Бугаёў – Бугая, Талкачоў – Таўкача і г.д.

Ва ўсіх народаў ёсць такія прозвішчы. Але ні палякі, ні французы, ні немцы не імкнуцца перайначваць свае прозвішчы на нейкі недарэчны касмапалітычны ўзор. Мы, беларусы, павінны паважаць сваю духоўную спадчыну, выяўляючы яе самабытнасць.


Род. Радавод
 Што такое “спадчына”? Пад словам “спадчына” разумеюць усё тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У жыцці няма нічога пастаяннага. “Усё цячэ, усё мяняецца” – так казалі старажытныя філосафы. На змену старому прыходзіць новае, але гэта новае з’яўляецца працягам мінулага. У дачыненні да кожнага асобнага чалавека спадчына – гэта тое, што ён атрымаў ад сваіх папярэднікаў: бацькоў, дзядоў, прадзедаў, прапрадзедаў. Гэта праяўляецца ў фізічных і духоўных якасцях самаго чалавека: у форме твару, носа, вушэй, колеры вачэй і валасоў, групе крыві, характары, тэмпераменце. Таксама да спадчыны адносяцца маёмасныя і духоўныя здабыткі папярэднікаў: пабудаваная бацькам ці дзедам хата, дагледжаны сад, намаляваныя карціны, напісаныя кнігі, складзеныя песні і шмат іншага.
         У больш шырокім значэнні для ўсіх жыхароў краіны спадчынай з’яўляюцца ўсе тыя каштоўнасці і багацці, якія пакінулі тут нашы продкі. Што да іх можна аднесці? У першую чаргу – непаўторныя па прыгажосці прыродныя краявіды з вялікай колькасцю азёр, лясоў, лугоў, балот, якія перасякаюцца маляўнічымі стужкамі рэк, а таксама шматлікія помнікі гісторыі і культуры, народныя абрады і традыцыі. Нам трэба быць удзячнымі людзям, якія жылі на нашай зямлі, за ўсё добрае, што яны пакінулі нам у спадчыну.
Што такое род? Род – гэта калектыў кроўных родзічаў, якія вялі сваё паходжанне па адной лініі (мацярынскай або бацькоўскай), усведамлялі сябе патомкамі агульнага продка і мелі агульнае радавое імя. Узніклі роды ў Беларусі ў глыбокай старажытнасці і ўяўлялі сабой некалікі вялікіх сем’яў, якія былі звязаны роднаснымі сувязямі. У кожнага роду быў свой татэм – жывёла ці птушка, імем якой ён называўся і якой пакланяўся. Членам роду забаранялася паляваць на татэмную жывёлу. У кожнага роду было родавое свята, якое спраўлялася ў гонар татэма, і родавы татэмістычны цэнтр – месца, дзе захоўваліся свяшчэнныя родавыя рэчы. Былі роды, у якіх татэмнымі жывёламі былі воўк, змяя (вуж) і птушка бусел. Муж і жонка павінны былі быць з розных родаў.
         Старажытная родавая арганізацыя знікла на позняй стадыі першабытнаабшчыннага ладу, але яна зрабіла вялікі ўплыў на побыт і духоўную культуру людзей, што адлюстравалася ў рэлігійных вераваннях, міфалогіі, фальклоры. Сляды родавай арганізацыі ў беларусаў захаваліся пераважна ў вясельных абрадах.
         У цяперашні час родам называюць рад пакаленняў блізкіх па крыві людзей, якія паходзяць ад аднаго продка.
 Родзічы і сваякі. У сучасных сямейных адносінах выдзяляюць роднасць па прамой лініі (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі) і па бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі). Для абазначэння ступені роднасці ўжываюцца розныя словы-тэрміны: тата, мама, дачка, сын, дзед, баба, прадзед, прабабка, унук, унучка. Выдзяляюць некалькі ступеняў роднасці і сваяцтва. Да першай ступені кроўнай роднасці ў беларусаў адносяць бацьку (тату), маці (матку, маму), сына, дачку. Да другой ступені – дзеда, бабу, унука і ўнучку; да трэцяй – прадзеда, прабабку, праўнука, праўнучку. Значна радзей ужываецца чацвёртая ступень радства: прапрадзед, прапрабабка, прапраўнук, прапраўнучка. Далейшыя ступені кроўнай роднасці называюцца агульна: продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, нашчадкі.
         Назвы роднасці першай ступені бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца; другой ступені – дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы трэцяй і наступных ступеняў бакавой лініі ўжываюцца рэдка і падаюцца, звычайна, апісальна.
 Асобную групу сваякоў складаюць хросныя бацькі, хросная маці, хросныя дзеці – хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння.
 У гаворках паміж людзьмі часта ўжываюцца розныя агульныя назвы роднасці: радня, родзічы, радзіна, сваякі, свае, адроддзе, род.
Цікавы факт: У старажытнай Беларусі існаваў такі звычай. Калі хлопчык вырастаў, то мусіў даказаць, што меў права называцца мужчынам. Для гэтага ён павінен быў пераплысці хуткую і глыбокую раку, здабыць на паляванні тура, мядзведзя або зубра, распаліць пад дажджом вогнішча, а яшчэ – абавязкова ведаць, кім былі ягоныя дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Таго, хто не ведаў, часам нават выганялі з сялібы, бо лічылася, што такі бяспамятны чалавек лёгка можа зрабіцца здраднікам.
 Як скласці радавод? Радавод – гэта гісторыя роду, якая гаворыць аб ягоным паходжанні, аб пераемнасці пакаленняў і крэўнай повязі паміж сямейнікамі. Для яго складання карыстаюцца як пісьмовымі, так і вуснымі сведчаннямі. Збіраючы матэрыял для радавода, у першую чаргу распытваюць бліжэйшую радню, выяўляюць ступень роднасці або сваяцтва. Каб даведацца пра родзічаў, якія жылі ў ХІХ стагоддзі і раней, трэба карыстацца пісьмовымі крыніцамі. Гэта могуць быць метрычныя кнігі храмаў, перапісы насельніцтва, інвентары маёнткаў і іншыя гістарычныя дакументы. Радаводы дваранскіх і шляхецкіх сем’яў можна адшукаць у радаслоўных разрадных кнігах, баярскіх спісах, польскіх гербоўніках, якія вяліся з сярэдзіны ХVІ стагоддзя.
 Спецыялісты складаюць радаводныя дрэвы – графічныя выявы радаводаў. Яны дазваляюць прасачыць развіццё пэўнай галіны роду, вызначыць ступень роднасці з іншымі родзічамі. Гэта вельмі старая традыцыя, бо шляхта здаўна і ва ўсіх краінах цаніла веды аб сваіх продках, ганарылася старажытнасцю і славутасцю сваіх родаў. Але, каб мець радавод, неабавязкова быць шляхціцам – памятаць пра сваіх продкаў варта кожнаму.
 Радаводы складаюцца па мужчынскай і жаночай лініях, ці, як раней казалі, “па мячу” і “па кудзелі”.
Каб скласці радавод, трэба ісці наступным шляхам:
1. Намаляваць радаводнае дрэва (генеалагічную схему). Уверсе мусіць быць ваш прадзед (а, калі ведаеш, і прапрадзед) са сваёю жонкаю (пазнач даты жыцця), ад іх павінны ісці лініі да дзяцей (пазнач і іх даты жыцця), адзнач шлюбныя сувязі. Гэтаксама зафіксуй звесткі пра вашых бацькоў, іхніх братоў і сясцёр. А потым – пра сябе, больш далёкіх братоў і сясцёр. Такая схема дапаможа табе лепш арыентавацца ў сваяцкіх сувязях.
2. Паспрабуй запісаць, што ты ведаеш пра сваіх продкаў. Кароткую біяграфію пра кожнага асобна.
3. Пагавары з бацькам і маці, запішы тыя звесткі, якія яны табе паведамяць.
4. Пагавары з бабуляй і дзядулем, запішы іх расказы.
5. Збяры фотаздымкі, пісьмы, успаміны і іншую інфармацыю пра бліжэйшую радню.
6. Выпішы назвы вёсак і гарадоў, дзе жылі і зараз жывуць блізкія родзічы.
Сям’я. Сямейны побыт
Амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя на Беларусі шырока былі распаўсюджаны вялікія сем’і, якія аб’ядноўвалі некалькі шлюбных пар, звычайна бацькоў і жанатых сыноў. Такая сям’я вяла адну гаспадарку, у якой праца дэтальна размяжоўвалася на жаночую і мужчынскую. Галавой вялікай сям’і быў бацька, а калі ён паміраў, то яго месца займаў старэйшы сын.
 У сем’ях існаваў строгі падзел працы па полу і ўзросту. Кожны член сям’і добра ведаў свае абавязкі. Дзеці дапамагалі маці чысціць бульбу, няньчыць дзяцей; пасвілі гусей, курэй. Падлеткам давяралі пасвіць не толькі птушак, але і буйную жывёлу: кароў, коней, валоў, авечак. У сялянскіх сем’ях дзеці пачыналі працаваць вельмі рана. З 7-8 гадоў яны пасвілі жывёлу, зграбалі сена, баранавалі. Падлеткаў, якім было каля 15 гадоў, прывучалі касіць, араць, малаціць. У 5 гадоў дзяўчынкі няньчылі дзяцей, а ў 16 умелі шыць, ткаць, жаць.
         Старыя часцей за ўсё вялі хатнюю гаспадарку: кармілі хатнюю птушку, даглядалі скаціну, а таксама выхоўвалі дзяцей і дапамагалі маладзейшым у полі.
 Мужчыны і юнакі апрацоўвалі зямлю, аралі, засявалі, касілі сенажаці, раскарчоўвалі лес, рубілі хаты, нарыхтоўвалі дровы на зіму, рабілі драўляны посуд, плялі корабы і кошыкі.
         Дзяўчаты, як і жанчыны, мылі бялізну, посуд, варылі ежу, даглядалі агарод, палолі грады, жалі, сушылі сена, ірвалі і адбівалі пранікам лён, мялі льнотрасту, трапалі і часалі кудзелю, пралі, ткалі і шылі вопратку.
         Цікавы факт: У ХVІ-ХVІІІ стагоддзях шляхта аддавала сваіх дзяцей у сялянскую сям’ю для выхавання якасцей простых людзей: працавітасці, вынослівасці, непераборлівасці ў ежы і адзенні, любові да зямлі. Гэты звычай называлі дзядзькаваннем.
         Дзяцей даглядала і выхоўвала маці, якой дапамагалі дзед і баба. Яны перадавалі малым свой жыццёвы вопыт, свае навыкі, уменні майстраваць тыя ці іншыя рэчы і вусна-паэтычную спадчыну (казкі, песні, загадкі, байкі, прыказкі і прымаўкі).
Назвы ступеняў сваяцтва
Айчым – няродны бацька
Мачаха – няродная маці
Пасынак – няродны сын
Падчарыца – няродная дачка
Зводныя браты (сёстры) – дзеці мачахі і айчыма
Пляменнік (пляменніца) – дзеці брата або сястры
Дзядзька (цётка) – брат (сястра) бацькі або маці
Дваюрадны (стрыечны) брат – сын бацькавага або матчынага брата (сястры)
Дваюрадная (стрыечная) сястра – дачка бацькавага або матчынага брата (сястры)
Зяць – муж дачкі
Нявестка – сынова жонка
Свёкар, свякроў – мужавы бацькі
Цесць, цешча – жончыны бацькі
Дзевер – мужаў брат
Залоўка – мужава сястра
Швагер (швагра) – муж сястры, або жончын брат, або муж жончынай сястры
Швагерка – жончына сястра
Братавая – братава жонка
Ятроўкі – братавыя між сабой
Сваты – усе родныя мужа ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот.
 Сямейныя святы і абрады
Кожная сям’я – гэта вялікі свет са сваімі ўнутранымі законамі і ўзаемаадносінамі, сваімі святамі і традыцыямі, захапленнямі і ладам жыцця. Але ёсць шэраг святаў і абрадаў, якія ўласцівы амаль кожнай сям’і, бо адпавядаюць галоўным этапам чалавечага жыцця. Гэта радзіны, вяселле і хаўтуры.
Радзіны – гэта свята нараджэння дзіцяці. У даўнія часы роды звычайна прымала бабка – пажылая спрактыкаваная жанчына. Таму на радзінах ёй адводзілася самая ганаровая роля: яе ўшаноўвалі, абдорвалі, славілі словам, урачыста праводзілі дадому. Асноўнай старадаўняй абрадавай стравай была бабіна каша, якую яна гатавала з круп на малацэ, дадаючы масла, цукар, упрыгожвала галінкамі, кветкамі, цукеркамі.
 Пасля нараджэння дзіцяці жанчыны з радні парадзіхі, выбраўшы вольную часіну, пяклі аладкі або яешню і кожная самастойна ішла ў адведкі.
         Царква з радзінамі звязала абрад хрышчэння дзіцяці, таму яны і атрымалі яшчэ адну назву, - “хрэсьбіны”. Калі хрысцілі дзіця, то давалі яму імя, якое было ў святцах у дзень хрышэння малога.
Вяселле – свята ўступлення ў шлюб жаніха і нявесты. Сярод усіх свят, якія адзначалі нашы продкі, яно было найбольш маляўнічым і прыгожым, насычаным абрадамі і песнямі. Само вяселле ўключала некалькі абавязковых этапаў. Спачатку было сватанне, калі ў хату да дзеўкі ішлі 2-3 мужчыны, звычайна, хросны бацька або дзядзька жаніха, яго бацька, іншы раз старэйшы брат. Яны вялі перамовы з бацькамі нявесты наконт вяселля, дамаўляліся аб пасагу. Пасля бацькі засватанай дзяўчыны або і сама маладая ішлі да жаніха паглядзець на гаспадарку жаніха.
Праз адзін-два тыдні былі заручыны, калі да дзеўкі на конях з шархунамі прыязджалі сват, жаніх і яго бацька. Мэта заручын – публічнае заяўленне аб сватанні і аб згодзе нявесты і бацькоў на шлюб.
         Напярэдадні вяселля была зборная субота. Заручаная хадзіла да сваіх сябровак і клікала іх да сябе дамоў віць вянок. Пашыўшы і звіўшы вянок, яго прымяралі на маладую, а тая ў вянку кланялася бацькам, сяброўкам і ўсім прысутным. У той жа дзень спраўляўся кавалерскі вечар у доме жаніха, куды ён запрашаў сваіх сяброў і вясковых дзяўчат. Звычайна перад вяселлем, ў суботу, пяклі каравай – цэнтральную страву на вяселлі. Караваем і песняй, як правіла, пачыналі і заканчвалі вяселле.
 Шлюбавіны – дзень, у які заключаўся шлюб. Раней вянчаліся ў царкве, але ў народзе прызнаваўся толькі шлюб, які афармляўся вяселлем. На шлюбавінах выконвалі такія абрады: пасад, расплятанне касы, благаславенне, выкуп маладой, абмен караваяў або вяночкаў, злучэнне караваяў, абход вакол стала. Само вяселле магло доўжыцца амаль тыдзень з суботы да чацвярга. У нядзелю маладыя вянчаліся, а пасля гэтага яны раз’язджаліся па сваіх хатах. У панядзелак малады са сваёй дружынай на конях ехаў да маладой, “выкупляў” яе, забіраў пасаг і вёз у сваю хату. І там 2-3 дні гуло вяселле. Абавязковымі ўдзельнікамі яго былі музыкі: скрыпач і дудар, а пазней – гарманіст, цымбаліст і бубніст.
         У наступную нядзелю пасля вяселля маладыя з блізкай раднёй ездзілі ў госці да бацькоў нявесты.

Хаўтуры – абрад пахавання памерлых. Паводле традыцыі, славяне ў дахрысціянскі перыяд спальвалі нябожчыкаў, радзей хавалі ў зямлю, насыпаючы курган. Хаваць памёршых у дашчатай труне на могільніку ў сельскай мясцовасці пачалі ў ХІІІ – ХІV стагоддзях. На магіле насыпалі невялічкі ўзгорак і ля галавы ставілі крыж. Вярнуўшыся з могільніку, ўсе старанна мылі рукі і садзіліся за жалобны стол. На памінках выконвалі пэўныя рытуалы, успаміналі памёршага, елі канун – кашу з вадою, падсалоджаную мёдам або цукрам, клёцкі, бліны, пакідалі яду нябожчыку.


 

Жыллё  беларуса
Беларускія сядзібы. Сядзіба – гэта ўчастак зямлі з дваром, садам і агародам. Раней двор падзяляўся на чысты: хата, сені, істопка (варыўня), клець і гаспадарчы: пабудовы для жывёлы, птушкі, гаспадарчага начыння (хлявы, вазоўні, паветкі), абгароджаны дзяннік (загон для жывёлы). Воддаль знаходзілася гумно і прыгуменне (гумнішча).
 У Беларусі выдзяляюцца тры тыпы забудовы двара. Першы з іх, самы старажытны, нагадваў невялікую ўмацаваную крэпасць і называўся “вяночнай забудовай”, бо хата, клеці і хлявы ўтваралі замкнёны 4-хкутнік, прамежкі паміж пабудовамі закрываліся глухім бярвенчатым плотам, а патрапіць у двор можна было толькі праз веснічкі ў браме. Другі тып, пагонная забудова, найбольш пашыраная на Пастаўшчыне ў вёсках, уяўляе сабой пабудовы, злучаныя між сабой у адзін рад пад агульным дахам. Трэці тып, сучасны, - гэта калі пабудовы не звязаны між сабой, а хлеў аднесены на некаторую адлегласць ад хаты.
 Сярод важнейшых пабудоў, якія існавалі на сядзібах Беларусі са старажытнасці, можна назваць: клець (свіран), варыўня (істопка), пограб (склеп), лазня, хлявы (абора, або кароўнік, цялятнік, аўчарня, стайня, куратнік), павець (паветка), гумно, ёўня (асець), пуня (адрына), азярод (друкі). (Пра значэнне гэтых пабудоў можна даведацца ў дадатку). Зараз сядзібы ёсць у вёсках і невялікіх гарадах, дзе захаваліся кварталы прыватных забудоў.
 Традыцыйныя беларускія хаты. Асноўным будынкам на сядзібе з’яўляецца хата. У старажытнасці людзі жылі ў зямлянках і будах, пазней навучыліся ладзіць сабе наземныя жытлы з дрэва. Спачатку хаты былі курныя, без комінаў – дым выходзіў праз адтуліну ў сцяне, і толькі ў 19 стагоддзі яны былі заменены белымі (з печамі і комінамі). Галоўным матэрыялам для будаўніцтва была драўніна. Будавалі хаты найчасцей з хвоі і елкі, у ніжні вянец клаўся дуб. Спачатку ставілі пабудову проста на зямлі, пазней – на штандарах (драўляных слупах), потым – на каменным падмурку. Стрэхі рабіліся двух, трох і чатырохсхільныя і пакрываліся саломай, чаротам, дрэвам (дранкай, шчапой, гонтай, дошкамі). Падлога ў хаце ў старажытнасці была земляная і глінабітная, пазней – драўляная. Каля ўваходных дзвярэй майстраваўся ганак, пазней – веранда.
         Здаўна людзі стараліся нейкім чынам упрыгожыць свае хаты. Найчасцей гэта праяўлялася ў формах вільчакоў (скрыжаваныя ўверсе страхі канцы ветраніц), якія мелі выгляд бычыных рагоў, конскіх галоў і глядзелі ў розныя бакі, аберагаючы хату ад злых духаў; у аздабленні франтонаў (найчасцей – сонца з промнямі); упрыгожаннях ліштваў над вокнамі.
         Галоўным месцам у хаце была покуць – кут наўскось ад печы. Там віселі абразы з ручнікамі, стаяў стол, а на скрыжаванні лаў – хлебная дзяжа. Уздоўж сцяны знаходзіўся спальны памост (палок), прымацаваная да бэлькі, вісела калыска. З другой паловы 19 ст. распаўсюдзіліся ложкі, канапы. Жылая частка хаты з аднакамернай паступова пераўтварылася ў шматкамерную.
Сучасныя хаты. У старых вёсках яшчэ можна сустрэць будынкі канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў, але сучасныя хаты шмат у чым адрозніваюцца ад традыцыйных беларускіх. Побач з драўлянымі цяпер будуюць цагляныя, блочныя, панэльныя, шлакабетонныя дамы. Стрэхі звычайна перакрываюцца шыферам або металачарапіцай. Некаторыя хаты звонку абіваюцца шалёўкай або сайдзінгам. Павялічыліся памеры і колькасць вокнаў, замест драўляных рам устаўляюцца шклопакеты. Унутраннее убранне хат значна наблізілася да інтэр’ераў гарадскіх кватэр: 4-6 пакояў, кухня, фабрычная мэбля, фабрычныя дываны, фарбаваная падлога, электрычнасць, газ, швейныя і пральныя машыны, тэлевізары, камп’ютары, спадарожнікавыя антэны і іншыя рэчы сучаснай цывілізацыі.
 Народныя звычаі, звязаныя з пабудовай хаты. Месца для хаты выбіралася вельмі грунтоўна: глядзелі, каб дзялянка была вольная, не спрэчная, каб на ёй не знаходзілася чалавечых костак, каб на ёй ніхто не парэзаўся, не пабіўся. Дрэва на пабудову нарыхтоўвалі ў снежні-студзені, бо ў гэты час яно смалістае, або ў сакавіку-красавіку, калі пачынаў рухацца сок – лічылася, што ён робіць драўніну мацнейшай. Ніколі не бралі дрэва, якое вывернула бура, бо казалі, што гэта “чорт сабе выбраў”; таксама не секлі і дрэва, якое навісала над другім – “хата згарыць”, і рыплівае – “будзе мучыць кашаль”.
Пры закладцы хаты за вугал хавалі манеты, кавалак хлеба ці сыру, а, часам, і галаву пеўня, які прыносіўся ў ахвяру дамавіку. Каб засцерагчы дом ад перуноў, пад усе чатыры вуглы клалі кавалачкі ладану, пасвянцоныя зёлкі ці хвойныя галіны. Паміж бярвеннямі маглі закладваць разнастайныя травы, сабраныя перад Купаллем, срэбныя манеты. Пры завяршэнні будаўніцтва гаспадар перакідваў праз апошні вянец асвечанае яйка, якое адразу закопвалася на месцы падзення з замовай, каб “вецер не здзіраў страху”.
         Напярэдадні ўваходзінаў у новы дом праз акно запускалі пеўня, калі ён спяваў, то гэта быў добры знак. Засяляліся на поўню, каб “жыццё ў новай хаце было поўным”. Першым заходзіў гаспадар, які нёс гаршчок з вуглямі, потым – гаспадыня з абразам, астатнія неслі маёмасць, у першую чаргу – стол. Гаспадар абносіў гаршчок уздоўж сцен, спыняючыся ў кожным куце, ставіў гаршчок на прыпечак і адразу запальваў у печы.

 У дзень засялення запрошвалі гасцей і святара, каб асвяціў новае жытло. Госці, увайшоўшы ў хату, кідалі грошы на печ, клалі на стол хлеб-соль, дарылі гаспадарам посцілкі, абрусы і іншае, часам прыносілі і пускалі ў хату жывых курэй, гусей, парсючкоў і іншую хатнюю жывёлу.


 

ГЕРАЛЬДЫКА
Гісторыя з’яўлення гербаў
Гербы ўпершыню з’явіліся ў Заходняй Еўропе ў сярэднявеччы. Першапачаткова гэта былі асабістыя знакі рыцараў. Каб нейкім чынам адрознівацца, кожны з іх адлюстроўваў на сваім шчыце адметны сімвал. З цягам часу рыцарскія сімвалы перайшлі ў цывільнае жыццё. Найбольш заможныя роды пачалі выкарыстоўваць іх як сведчанне вайсковай славы сваіх продкаў і перадаваць у спадчыну з пакалення ў пакаленне.
 Апісаннем і тлумачэннем гербаў займаліся герольды, якія і выпрацавалі правілы іх складання і тлумачэння.
 На Беларусі найбольшае распаўсюджанне атрымалі гербы з пачатку ХV стагоддзя, пасля уніі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. У сваіх сімвалах шляхта пачала выкарыстоўваць элементы, якія ўжываліся ў геральдыцы заходніх краін: Германіі, Аўстрыі, Англіі, Маравіі. Для сярэднявечнага шляхціца герб быў сімвалам яго роду, які вызначаў месца гэтага роду ў грамадстве.
Асноўныя элементы гербаў. Галоўнай часткай большасці гербаў з’яўляецца шчыт. Трохвугольны шчыт называюць варажскім, авальны – італьянскім, квадратны і троху закруглены знізу – іспанскім, чатырохвугольны, завостраны знізу, - французскім. Складаную форму мае нямецкі шчыт, або тарч. У яго бакавыя выемкі ў час бою ўстаўлялася дзіда.
Цікавыфакт: пры апісанні сімвалаў на шчыце ў геральдыці прынята называць правай часткай тое, што мы бачым злева, і наадварот. Трэба ўявіць рыцара, які стаіць перад вамі і трымае шчыт.
 У сярэднявеччы склалася традыцыя апісваць герб і яго колеры, выкарыстоўваючы паняцці “металы”, “фініфці” і “футры”. Металы ўжываліся два: золата і срэбра. Звычайна іх малявалі залатой і срэбнай фарбай, але часцей – жоўтай і белай. Графічна золата паказваюць кропачкамі, а срэбра – проста чыстым полем.
 Акрамя “металаў” выкарыстоўваецца яшчэ толькі пяць фарбаў, якія называюцца “фініфцямі” або “эмалямі”. Пра сэнс і спосабы іх адлюстравання можна даведацца ў дадатку.
 Традыцыя абіваць шчыты футрам прыйшла з глыбокай даўніны. У геральдыцы выкарыстоўваюць футра гарнастая і вавёркі. Футра гарнастая паказваецца як белыя шкуркі з чорнымі хвосцікамі, футра вавёркі – чаргаванне шкурак белых і блакітна-серабрыстых, размешчаных у выглядзе ўмоўных фігур.
 
 На шчытах гербаў можна пабачыць розныя малюнкі, якія называюцца фігурамі. Яны дзеляцца на тры групы: першасныя, крыжы і другасныя. Першаснымі геральдычнымі фігурамі называюць падзелы шчыта, якія найбольш часта сустракаюцца пры перасячэнні гарызантальных, вертыкальных і дыяганальных ліній. Да іх адносяцца: глава (вяршыня), аканечнасць, слуп, пояс, пярэвязь, страпілы.
 Крыжы – другая група геральдычных фігур, якая мае шмат розных відаў. У глыбокай старажытнасці крыж (у тым ліку і свастыка) быў сімвалам сонца, пазней пачаў шырока выкарыстоўвацца хрысціянскай рэлігіяй. З форм крыжоў найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца: геральдычны крыж, андрэеўскі крыж і вілападобны крыж. Ад асноўных форм утварыліся шматлікія розныя віды крыжоў.
 Другасныя геральдычныя фігуры – гэта розныя геаметрычныя фігуры, якія выкарыстоўваюцца на шчыце. Да іх адносяцца: кайма, квадрат, трохвугольнік, брусок і гонт (прамавугольнік), ромб, верацяно, кола.
 Усе іншыя фігуры, якія сустракаюцца на гербах, з’яўляюцца негеральдычнымі. Іх падзяляюць на тры групы: натуральныя, штучныя і легендарныя. Да натуральных фігур адносяць выявы чалавека, жывёл, птушак, паўзуноў, рыб, насякомых, раслін, зорак і стыхій, рэк, гор і да таго падобнага. Самымі распаўсюджанымі былі выявы звяроў і птушак, якія сімвалізавалі тыя ці іншыя якасці рыцараў.
         Штучнымі фігурамі называюць разнастайныя прадметы, якія створаны чалавекам: прылады працы, караблі, пабудовы, музычныя інструменты і іншыя. Але найбольш шырока прадстаўлены выявы зброі: шлемы, мячы, дзіды, стрэлы, сякеры.
 Самую таямнічую групу для сучаснага чалавека складаюць легендарныя фігуры, якія інакш называюцца фантастычнымі. Сярод іх антычныя вобразы – кентаўр, двухгаловая і двуххвостая сірэны, адзінарог, пегас, дракон, гідра, фенікс, казярог і іншыя.
Дапаўненні да геральдычных шчытоў. Акрамя рыцарскага шчыта ў гербы часта ўключаліся розныя неабавязковыя дапаўненні, якія рабілі герб раскошным і багатым. Да іх адносяцца: карона, шлем, нашлемнік, мантыя, намёт, шчытатрымальнікі, стужка з дэвізам.
         Кароны на гербах сведчаць пра высокія дынастычныя пасады іх уладальнікаў. Яны маляваліся ў выглядзе дуг, лістоў сельдэрэя, зубцоў, каштоўных камянёў. Існавала шмат варыянтаў кароны: імператарскія, каралеўскія, герцагскія, княскія, графскія, баронскія.
 Рыцарскія шлемы, якія таксама мелі шмат розных форм, нярэдка ўпрыгожвалі нашлемнікі – фігуры, якія як бы выходзяць з кароны. Гэта мог быць леў, рука з мячом, пер’і, адзінарог і іншыя.
 Мантыя – гэта парадны пакроў-накідка знатнага вяльможы. На гербах яна выпускалася з-пад кароны і малявалася футрам гарнастая або вавёркі.
 Намёт – гэта лёгкае пакрывала, якое прымацоўвалася да шлема рыцара ў час крыжовых паходаў у Палестыну, дзе ім даводзілася шукаць спосаб схавацца ад сонечных промняў. У баявых сутычках тканіна рассякалася ўдарамі мячоў і ператваралася ў кавалкі, што на гербах стала сімвалам гераізму.
         Шчытатрымальнікі – гэта натуральныя фігуры (людзі, жывёлы), якія падтрымлівалі шчыт з бакоў.

         Стужка з дэвізам – гэта надпіс знізу або ўздоўж шчыта са словамі рыцарскага баявога кліча. З цягам часу некаторыя выказванні сказіліся і сталі незразумелыя, аднак і па сённяшні дзень ашчадна захоўваюцца ў гербах.


 

ХАТА З МАТЧЫНАЙ ДУШОЮ
Матчына хата
Лазой згінаючыся ніцай,
Дзяды прасілі абразы:
-Не дай Бог тры разы жаніцца,
 Не дай сяліцца тры разы!..
 
Жылі ці бедна, ці багата,
Ды як вядзецца з тых вякоў,
Агорвалі так-гэтак хату
Прапрадзеды, бацькі бацькоў.
 
Замочвалі з будаўнікамі
(Бо быў заклён вядомы ім)
І падмуроўкі першы камень,
І першы цвік, і першы дым.
 
Каб абміналі хату сваркі,
Каб сёе-тое ў кубле мець,-
Тулілі пасля добрай чаркі
У вугал серабро і медзь...
 
Каб дамавітасць сцены зналі,
Пускаўся ў хату першым кот.
Хлеб-соль на стол яловы клалі,
Счарсцвелы, каб не йшоў на звод.
 
А што чакае ў новай хаце –
Казалі першай ночы сны.
Лучына ела вочы маці,
У сілу браліся сыны.
 
Сусед дапамагаў парадай
Ды бедаваннем над жыццём.
Гасцю былі заўсёды рады,
Хоць хлеб не частым быў гасцём.
 
Не сеялі на сіта мліва –
Мірыліся і з асцюком.
Жылі і клаліся маўкліва
У дамавіну – вечны дом.
 
Хай будуць сцежкі невядомы
І гору і бядзе ў той дом,
Што мы завём бацькоўскім домам,
Што хатай матчынай завём.

                        Р.Барадулін

Сёння мы завiтаем з вамi на вясковую сядзiбу. Для кожнага чалавека, асаблiва вяскоўца, сядзiба – гэта спадчына, зробленая яго рукамi i  духоўная, якую атрымалi мы ад продкаў i якую павiнны годна перадаць сваiм дзецям i ўнукам. Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылi нашы дзяды-прадзеды, трэба.
Пры яркiм святле блiскавiцы вiдаць усё навокал. А пры святле свечкi на покуцi ў матчынай хаце, пры святле малiтвы ў душы вiдаць i тое, што засталося ў мiнулым, i яснiцца шлях у будучыню.
Ітак, запрашаю вас у матчыну хату.
         Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займае ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца. Абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца.
Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».
         Печ (а дакладней - падпечак) – месца знаходжання добрага духа – дамавiка, галоўныя «абавязкi» якога – клопат пра дабрабыт сям’i.
         З печчу звязана шмат цiкавых звычаяў. Кума, перш чым перадаць мацi ахрышчанае дзiця, пасля вяртання з царквы абносiла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзiця любiла хату i трымалася яе».
         Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадынi кармiлi кароў на пячной засланцы, каб яны трымалiся свайго двара.
У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сiмвалiчнага запякання слабых, хворых дзяцей у печы. Дзiця захутвалi ў коўдру i трымалi некалькi хвiлiн у печы адразу пасля таго, як скончаць палiць. Лiчылася, што пасля такога «запякання» дзiця набывае здароўе i сiлу.
         Печ асэнсоўвалася нашымi продкамi як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збiраючыся iсцi сватаць дзяўчыну, дакраналiся да печы ў сваiм доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё наблiжалiся да печы i цiхенька звярталiся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля вiталiся з гаспадарамi, садзiлiся на лаву i пачыналi гаворку.
Ад парога хату не мялі. Парог, як і печ, - месца ў хаце незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны. Найбольш вядомы з іх – рытуальнае сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Абавязкова трэба было маўчаць. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў. Вядома прыкмета, якая забараняе вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення паміж людзьмі.
На вяселлі малады ўносіць на руках у сваю хату жонку. Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым аберагае маладую ад адмоўных да яе адносін продкаў. А вось якія яшчэ існуюць звязаныя з парогам прыкметы. Чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спаткнецца аб парог. А вось садзіцца на парог або станавіцца на яго народная этыка не дазваляе. Асабліва асцерагаюцца гэтага хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог і цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю. Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абходзіла з паклонам усіх, развітваючыся з бацькоўскім домам, яна кланялася да зямлі парогу і прасіла прабачэння. Парог займаў значнае месца ў жыцці нашых продкаў.
Некалі дзяцей ставілі ў кут за свавольства і іншыя правіны. Але ёсць у вясковай хаце кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць - так называецца гэта пачэснае месца ў хаце, не забытай Богам. Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень,і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы як, уперамежку, а па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў - прадзедаў, частаваліся.
         Покуць - гэта   куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы - з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце, на ўсёй сядзібе.
 Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі - набожнікі. І зімою тут залацяцца галінкі асвечанай вярбы, пучкі жытнёвых каласоў і траў. За абразамі трымаюць бутэлечку са свянцонай вадою - лекамі ад розных хвароб. Да столі часам падвешваецца саламяны павук: лічыцца, што ён прыносіць шчасце.
Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў. Гэта дзяжа. Няцяжка здагадацца, чаму гэтую рэч называлі хлебніцаю. У ёй заквашвалі цеста, з якога пяклі духмяны хлеб. Цеста ў дзяжы варушылася, расло, як жывое. Прасілася ў печ.
Дзяжа – гэта шырокая бочачка, звужаная кверху, з накрыўкаю-вечкам. Рабілі дзяжу з дубу ці з хвоі. Часам хваёвыя і дубовыя клёпкі чаргаваліся. Дуб паскараў квашанне і надаваў цесту прыемны пах.
Дзяжу ў вёсцы шанавалі. Пры ўваходзінах яе першай уносілі ў хату, каб не зводзіўся хлеб на стале.
Не абыходзіўся без дзяжы і абрад вяселля. Перад прыездам жаніха   на дзяжу садзілі нявесту. Распляталі дзявочую касу, благаслаўлялі на шчасце і дастатак. Перш чым апробаваць новую дзяжу, якую прывозіла з сабою ў дом маладая, яе ставілі побач са старой – на адной посцілцы , пад адным абрусам. Каб старая дзяжа, так бы мовіць, падзялілася вопытам, як лепей цеста на хлеб заквашваць.
У старых вяскоўцаў і зараз захоўваецца невялікая дзежка, у якой расчыняююць цеста на бліны. Дзежка-блінніца. Гаспадыня бярэ апалонік – вялікую драўляную лыжку, кідае цеста на скавародку і ставіць у печ. Гарачыя бліны мігам з’ядаюцца, толькі падавай на стол. Ласунам да бліноў – яшчэ і загадка: “Жалезны ток, свіны падскок, а грэцкі пасад”. Адгадайце і вы. Не кожны адгадае, таму падкажам: жалезны ток – патэльня, свіны падскок – падмазка са здору, якой патэльню мажуць, каб бліны не падгарэлі, а грэцкі пасад - гэта блін з грэцкай мукі.
А вось перад вамі бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой . Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла.
Бойка – высокая круглая кадачка, звужаная кверху. Рабілі бойку з клёпак або выдзёўбвалі з дрэва. Клёпкі найчасцей стругалі з елкі, гладка апрацоўвалі гэблікам і сцягвалі абручамі. Бойка мела накрыўку з адтулінаю пасярэдзіне – для калатоўкі-біла.
         Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, знізу-ўверх. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплаю бульбаю.
Прыгадваецца казка пра дзвюх жабак, якія трапілі ў пастку – збанок са смятанаю. Адна жабка адразу выдыхнулася, здалася і патанула ў смятане. А другая, упартая, доўга працавала лапкамі, як калатоўкаю, і збіла са смятаны масла. Стала на грудку масла і выскачыла са збанка на волю. Казка цікавая і павучальная: ніколі не падайце духам, сябры, верце ў свае сілы – і зможаце выбрацца з любой пасткі.
Глiняны посуд i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб.
Гэта – збан. Пасудзiна добра вядомая. У iм звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Бакi ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку i носiк-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лiлося ў мiску цi ў кубак.
Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькi гарлач без ручкi i не мае носiка-дзюбкi зверху. Пасудзiна адна, а называлi яе дзе збаном, дзе гарлачом, дзе стаўбуном.  

Як панiч у абноўцы, красаваўся на стале берасцень – гарлач, аплецены стужкамi бяросты. Шанавалася ў хаце яшчэ адна глiняная пасудзiна – гляк. У iм добра захоўвалiся алей, квас, бярозавы i кляновы сок, калодзежная i крынiчная вада.

Гляк падобны на шар, часам – выцягнуты ўгору. З адной цi дзвюма ручкамi па баках. Дно плоскае, шырокае, а горлачка – кароткае i вузенькае, як у бутэлькi. Такi гляк цяпер рэдка дзе ўбачыш. А некалi стаяў побач з гарлачамi i збанамi, так бы мовiць, у адной сям’i.  

         Кожны вясковы пастушок умеў некалi плесцi кашы. Часу для гэтага на пашы хапала. Патрэбны былi толькi востры ножык-складанчык, лазовыя дубцы цi хваёвыя карэньчыкi. Ды яшчэ, вядома, майстэрства. У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi.
         У каша быў сваяк – кораб. Рабiлi карабы з большай выдумкаю, чым кашы. Прыгожыя, яны глядзелiся як ганчарны посуд, сплецены з лубу, бяросты, лазы цi саломы. То як бочачка, то як гаршчок. Часта карабы зачынялiся вечкам, каб лепш было захоўваць i пераносiць у iх збожжа, крупы, муку.
         У каша i кораба была яшчэ i сястра – вярэнька. Гэта круглая цi прадаўгаватая каробка – лубяная, берасцяная, лазовая, з вечкам i без вечка, з адной або дзвюма ручкамi. У такiх каробках пераносiлi на плячах прадукты i агароднiну. Вярэнька-падарожнiца часта бывала ў гасцях, любiла частаваць радню i знаёмых, асаблiва дзяцей.
         Карабы i вярэнькi засталiся ў казках. А кашы i сёння дапамагаюць нам збiраць ураджай – бульбу, агароднiну, садавiну. I ў лес бегаюць, калi год багаты на грыбы. 
У кожнай сялянскай хаце можна было ўбачыць зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары, бяросты цi пянькi – канапляных вяровачак. Лыка дралi найчасцей з маладой лiпы, сушылi ў клецi або на гарышчы хаты. Потым палоскi кары, каб яны не ламалiся, размочвалi ў цёплай вадзе. I плялi лапцi. Плялi на драўлянай калодцы. Палоскi лыка шчыльна падганялi адна да адной. Па баках пакiдалi петлi-вушкi, у якiя зацягвалiся аборы – вераўчаныя цi раменныя шнуркi. Аборамi лапцi прывязвалiся да ног. А на ногi накручвалiся палатняныя анучы, зiмою – суконкi, каб цяплей было. Падэшву для трываласцi падпляталi тым жа лыкам, пянькою, зрэдку падшывалi скураю.
         Круглы год насiлi кавярзнi – лапцi з глыбокiм закрытым наском i запяткам. А лапцi-шчарбакi плялi без наска i заднiка: адна падэшва – з лыкавымi петлямi для абораў спераду i па баках. Насiлi iх улетку, у сухое надвор’е.
         Плялi лапцi звычайна мужчыны. Сярод iх былi сапраўдныя майстры: выштукаваныя iмi лапцi, лёгкiя i зграбныя, прыгожа глядзелiся на любой назе. У iх добра было i на працы, i ў танцы.
         Лапцi i сёння «скрыпяць» у народных казках i песнях. I не лапаць, вядома, вiнаваты, а сам чалавек, калi з яго, недарэкi, смяюцца: «Лапаць ты!» 
       Быў час, калі ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Пралі за прасніцаю. Яна складаецца з лопасці, падобнай на лапату або на вясло і днішча. Да лопасці падвешваецца барада – воўна, кудзеля, пянька. Папрадуха левай рукою выцягвае з барады валасінкі – валаконцы, а правай круціць верацяно, навіваючы на яго нітку.
         Некалі прасніцу рабілі з суцэльнага кавалка дрэва.Для гэтага дрэва выкопвалі з каранямі, адпілоўвалі ніжнюю частку – камель. Высякалі, гладка вычэсвалі зверху лопасць, а ўнізе пакідалі адзін корань – адгалінаванне – для апоры і каб было на што сесці гаспадыні – папрадусе. Прасніцу, бывала, з густам аздаблялі: выразалі на лопасці фігуркі жывёл, птушак, лісцікі, пялёсткі, узоры.
         З такою прасніцаю не сорамна было пайсці на вячоркі, дзе праліся не толькі ніткі, але і песні, прыпеўкі. Гудзела, як вулей, ад жаночых галасоў прасторная звонкая хата. Дзяўчаты збіраліся асобна ад замужніх папрадух. У іх былі свае інтарэсы, свая кампанія. Да іх наведваліся хлопцы, часта прыводзілі вясковага музыку. У такі вечар прадзіва пакідалі на другі дзень. Моладзь весялілася, спявала, скакала.
У канцы зiмы жанчыны пачыналi снаваць кросны. Праца гэта была адказная. Каб зрабiць нiткi больш мяккiмi i моцнымi, з асновай трэба нямала папрацаваць. Яе парылi гадзiн 6-8 у лузе. Ведаеце, што такое луг? Гэта шчолачная вадкасць, якая атрымоўваецца, калi кiпень прапусцiць праз слой попелу. Луг знiшчае тлустасць i робiць нiткi мяккiмi. Потым аснову крухмалiлі, таўклi ў ступе або выбiвалi пранiкам, расцягвалi, сушылi, плялi ў пляцёнкi.
Нарэшце кросны настроены. Цяпер можна браць i чаўнок. Дзецi ў сялянскiх хатах засыналi пад калыханку матчыных красён. Рыпелi панажы, стукалi бёрда з набiлiцамi. Хадзiлi ўверх – унiз нiты – i ткалася палатно, белае цi расквечанае яркiмi ўзорамi. На чарадзейных кроснах ткалася ўсё: ад грубага зрэб’я да тонкага кужалю. I сёння яшчэ ў вясковай хаце можна ўбачыць куфар, дзе ляжыць скарб, вытканы на кроснах.
Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў і розных намітак. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.
          Палатно, вытканае на кроснах, трэба было давесці да ладу: вымачыць, выбіць пранікам, адбяліць. Звычайна вясною гаспадар запрагаў каня і вёз на калёсах трубкі палатна за вёску, на бераг рэчкі ці возера. Там гаспадыня вымочвала палатно ў вадзе. Потым рассцілала яго на беразе і, стаўшы на калені, біла - перыла пранікам - пляскатым драўляным бруском. На роснай траве, пад сонечнымі промнямі палатно за дзень добра адбельвалася. Прыязджаў на кані гаспадар, і палатно, скручанае ў трубкі, зноў адвозілі дахаты. З палатна шылі бялізну, верхняе адзенне, святочныя мужчынскія кашулі, жаночыя кофтачкі і наміткі.
І прыгожая дзяўчына лічылася беспасажніцаю, калі ў куфры не было кужэльнага палатна - чыстага, белага, мяккага, як дотык мілых рук. І палатно, і вырабы з яго трэба было час ад часу разгладжваць. Цяпер добра: бяры электрычны прас - і лёгка разганяй складкі на адзенні. А некалі ў вяскоўцаў не было нават жалязкі - праса, які награваўся на агні. І тканыя вырабы разгладжвалі качалкамі. Качалка - няхітрае прыстасаванне: сама качалка і валок. На качалку - паўмятровую палку-круглячок накручвалі, скажам, кашулю і раскочвалі валком - драўляным брусам з ручкаю. Валок быў прамы або выгнуты, знізу меў тупаватыя зубцы, нарэзаныя ўпоперак. Гаспадыня прыціскала валок да качалкі, і валок, хуценька бегаючы туды-сюды, качаў, разгладжваў кашулю.
 
                         Бялюткія на сценах ручнікі
                           Прыгожых мараў мамы яны сведкі,
                           А кветкі – не знайсці ў жыцці такіх,
                           Шукай такія ў райскім садзе кветкі.
                           Вунь колькі іх – вялікіх і малых,
                           Агністых і ружовых, жоўтых, сініх,
                           У кошыках, вяночках і без іх,
                           На ручніках, дарожках і прасцінах.
                           А мама нешта вышывае зноў.
                           За вокнамі мяцеліца гуляе.
                           Аб чым ты, мама, марыш між снягоў?
                           Дзе, у якіх цяпер блукаеш далях?
                           А кветкі яркія, як памяць аб тых днях,
                           Дзе песня твая лепшая не спета...
                           Вятры злуюць, галосяць у снягах,
                           А ў хаце мамінай красуе лета.
                                                                                 (З. Мінчанка.)
  Ручнікі не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах. На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі маладых пасля вянчання ў царкве. Ручнікі дарылі родзічам маладога, але не ўсім, а пераважна мужчынам: маладому,  яго бацьку,  тату, дружыне маладога. Ужываўся ручнік і ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася цягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёю, выходзілі замуж. У жалобнай абраднасці таксама прысутнічаў ручнік. На  Палессі  здаўна ручнікамі абвязваюць надмагільныя крыжы, каб аздобіць магілы. Самых паважаных гасцей падчас урачыстасцей і зараз сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках.
                                                      На ручніках, расшытых пеўнямі,
                                                      хлеб-соль падносім да гасцей,               
                                                      вядзем за стол, каўшамі пеннымі
                                                      частуем брагай пагусцей.
                                                      І не хаваем - дзе падзенешся?-
                                                      сваіх пачэсных мазалёў.
                                                      А трэба - крынкаю падзелімся:
                                                      Лепш сто сяброў, чым сто рублёў.
                                                                                               (С.Грахоўскі)
Узорныя посцілкі сталі ткаць значна пазней, чым ручнікі і абрусы, бо ложкі ўвайшлі ў быт сялян вельмі позна. Але мастацкае аздабленне іх досыць высокае. Рознымі колерамі вясёлкі, шматлікімі ўзорамі радуюць нас гэтыя вырабы. Смела могуць суседнічаць яны з сучаснымі дыванамі.
Ёсць такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек азірнуўся... Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба – гэта цэлы свет. Наперадзе, за таямнічаю мяжою гарызонта новыя дарогі, новыя людзі, новы свет. Але на ўсё астатняе жыццё застаюцца ў памяці “парог, высечаны з успамінаў, дзверы на завесах цвыркуновай песні; вокны, зашклёныя вачамі блізкіх; хата, пакрытая крыламі ластавак...”

Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.

7. Зрабі картасхему населеных пунктаў сваёй радні.


Разделы сайта